Далучэнне да роднай мовы

Хутка прыйдзе час, і сёняшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. І вельмі важна ўжо сёння звярнуць увагу на выхаванне ў іх пачуцця патрыятызму, выхаванне асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, у центры якой будзе ўсведамленне ўласнай адказнасці за лёс Радзімы. Нацыя толькі тады будзе жыць і развівацца, калі кожнае наступнае пакаленне будзе зберагаць нацыянальныя традыцыі.

Праблема далучэння дзяцей да сваёй нацыянальнай культуры, да роднай мовы набывае актуальнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са сваёй нацыянальнай культурай, сваёй роднай мовай. Менавіта зараз, ва ўмовах духоўнага крызісу ўзрастае неабходнасць далучэння дзіцяці да этнакультурных нацыянальных каштоўнасцей, стварэння ўмоў для фарміравання этнічнага самаўсведамлення маленькага грамадзяніна, выхавання ў яго ўмення з павагай і ўдзячнасцю  адносіцца да  стваральнікаў гэтых каштоўнасцей, жадання творча і асэнсавана іх засвойваваць.

Далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру.

Сення сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаемства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуцце грамадкасці, любоў да Радзімы. Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не сароміцца на ёй размаўляць.

   Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове ў яслях – садзе спрыяе:

  • арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень працягласцю 20 хвілін у першай палове дня ў сярэдняй і старэйшых групах;
  • правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове па падгрупах у другой палове дня працягласцю 20 хвілін у тых жа групах;
  • дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ад 3-х да 4-х гадоў у час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў;
  • прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове;
  • увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове;
  • наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове;
  • арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.

Увесцi рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, адчуць яе прыгажосць нам дазваляюць фальклорныя i лепшыя класiчныя творы для маленькiх дзяцей: калыханкi, забаўлянкi, песенькi, казкi, вершы i iнш. Гэта робiцца з мэтай развiцця першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнiкам i па меры магчымасцi самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткiя забаўлянкi, песенькi, лiчылкi i г.д.), што служыць фармiраванню ў iх пачуццевай асновы руска – беларускага двухмоўя.

У кожнай групе яслей - сада абсталяваны куткi “ Мая Радзiма – Беларусь”. Iх змест фармiруецца ў залежнасцi ад узросту дзяцей. Таксама створаны кнiжныя вугалкi, падабраны перыядычныя выданнi.

Адзiн з адметных выхаваўчых сродкаў – народныя святы, абрады. Як правiла, тут дарослыя выконваюць вядучую ролю, а дзецi маюць магчымасць спяваць, скакаць, ладзiць гульнi i iнш.

Згадзiцеся, што фармiраваць беларускае маўленне дзяцей якасна можа толькi дарослы, якi сам любiць мову i ўмее на ей размаўляць. Мова дарослага, выхавальнiка – адна з асноўных крынiц развiцця мовы дашкольнiка. Вялiкае значэнне тут мае асабiсты прыклад дарослых – бацькоў i педагогаў.

Казкі беларускія!